Добры дзень!
Адкажыце, калі ласка, ці можна выкарыстоўваць у звычайным пісьме і афіцыйных дакументах словы з «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак», калі іх няма ў іншых слоўніках? Напрыклад, слова «цвет» у значэнні ‘колер’: судзячы па карце, яно вельмі распаўсюджанае.
Загадзя дзякуй за адказ!
Добры дзень!
«Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» з’яўляецца каштоўнай крыніцай, якая адлюстроўвае багацці беларускай народнай мовы. Безумоўна, гаворкі – частка нацыянальнай мовы, неацэнная скарбонка лексікі.
Пры гэтым у афіцыйных дакументах, у тэкстах навуковага, юрыдычнага, публіцыстычнага, тэхнічнага характару звычайна выкарыстоўваецца літаратурны стандарт, унармаваная мова. Лексіка нашай літаратурнай мовы адлюстравана, напрыклад, у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» (1977–1984), «Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы» (2022). Гэта агульнаўжывальныя, усім зразумелыя словы. Менавіта гэтую лексіку варта выкарыстоўваць у афіцыйных дакументах. У спрэчных сітуацыях пытанне аб правамернасці ўжывання слова або яго значэння будзе вырашацца з апорай менавіта на слоўнікі беларускай літаратурнай мовы, а не на лінгвагеаграфічныя крыніцы.
Тым не менш у прыватным пісьме, у нефармальным маўленні, а таксама ў мастацкай літаратуры цалкам прымальна ўжыванне дыялектных слоў і выразаў. Болей за тое, гэта важна і каштоўна, калі носьбіт канкрэтнага дыялекту адлюстроўвае ў сваіх творах родную гаворку, пакідаючы веды пра яе нашчадкам.
Дарэчы, нядаўна свет пабачыла новае выданне «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: аналітычныя і даведачна-інфармацыйныя матэрыялы», якое можа Вас зацікавіць.