Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Дасылайце пытанні на адрас: daviedka@belcentre.by

Карысныя слоўнікі і даведнікі

Сёння кожны ахвотны можа знайсці ў кнігарні, бібліятэцы або ў інтэрнэце самыя разнастайныя слоўнікі беларускай мовы. Аднак трэба мець на ўвазе, што слоўнікі і іншыя даведнікі адрозніваюцца сваім прызначэннем, зместам і якасцю.

Калі вы хочаце даведацца, якія значэнні мае слова, то перадусім трэба карыстацца тлумачальнымі слоўнікамі. Для беларускай мовы асноўныя слоўнікі гэтага тыпу — «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (скарочана ТСБМ) і «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (ТСБЛМ). Да гэтых слоўнікаў варта звяртацца ў першую чаргу таму, што іх аўтары пры апісанні значэнняў карыстаюцца толькі беларускай мовай. «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» быў перавыдадзены ў 2022 годзе (у двух тамах), але апошняя версія, прадстаўленая цяпер у інтэрнэце, — выданне 2016 года (што добра, яно выйшла ўжо сучасным правапісам, пагартаць і спампаваць яго можна тут).

Каштоўным зборам даведачнай літаратуры ёсць сайт slounik.org. На ім выстаўлены як агульнамоўныя, так і дыялектныя, тэрміналагічныя і іншыя слоўнікі і даведнікі, якія выходзілі ў розныя часы. Калі вы знайшлі слова на гэтым сайце, правярайце слоўнік, у якім яно змешчана. Бо шмат якія з выданняў аформлены састарэлым або нестандартным правапісам, адлюстроўваюць толькі мову пэўнага рэгіёна і да т. п. Таму карыстацца гэтым сайтам трэба асцярожна. Таксама варта мець на ўвазе, што некаторыя слоўнікі дададзены на slounik.org не поўнасцю, часткова. Калі вы не знайшлі слова ў выніках пошуку ў пэўным слоўніку на гэтым сайце, належыць пераправерыць, ці сапраўды яго там няма.

На slounik.org можна паглядзець сучаснае правільнае напісанне, словазмяненне і месца націску ў словах у такіх даведніках, як «Слоўнік беларускай мовы» (2012), «Граматычны слоўнік назоўніка» (2013), «Граматычны слоўнік дзеяслова» (2013), «Граматычны слоўнік прыметніка, займенніка, лічэбніка, прыслоўя» (2013). Якія сінонімы мае слова, можна даведацца ў «Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў». Словы, што не маюць аднаслоўных адпаведнікаў у рускай мове, шукайце ў кнізе «Самабытнае слова».

У інтэрнэце на цяперашні момант граматычныя слоўнікі аб’яднаны ў адзіную Граматычную базу. Калі вы ведаеце слова, але не ўпэўнены ў тым, што правільна яго пішаце, вымаўляеце, змяняеце, шукайце яго тут. Даступны пошук як па пачатковай, так і па іншых формах, таксама працуе пошук з сімвалам * (ён дазваляе знайсці словы з любымі магчымымі літарамі на месцы *). Граматычная база працягвае правярацца, дапаўняцца і ўдасканальвацца.

Праверыць, хто з пісьменнікаў і публіцыстаў выкарыстоўваў тое ці іншае слова, выраз, як даўно ўжывалася слова, як часта, у якім кантэксце, можна на старонцы Беларускага N-корпуса. Тут можна самастойна выбіраць аўтараў, якія вас найбольш цікавяць.

Пры перакладзе з рускай мовы або на яе вам могуць спатрэбіцца перакладныя руска-беларускі (verbum.by/rbs) і беларуска-рускі (verbum.by/brs) слоўнікі. На жаль, пакуль што акадэмічны руска-беларускі слоўнік прадстаўлены на сайце verbum.by толькі выданнем, якое выйшла да апошняй рэформы правапісу. Таму, карыстаючыся ім, трэба папраўляць старыя напісанні (лідэр, дзесяты і г. д.) на новыя, правільныя (лідар, дзясяты).

Часта паўстаюць пытанні, звязаныя з дыялектнымі словамі. Шмат дыялектных слоўнікаў, з якіх можна даведацца пра значэнне, месца фіксацыі і граматычныя характарыстыкі народных слоў, ёсць на сайце philology.by. На гэтым самым сайце ў зручным выглядзе выстаўлены «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (скарочана ДАБМ) і «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (ЛАБНГ). У іх можна паглядзець на картах, дзе ўжываецца тое ці іншае слова або яго варыянты, дзе пэўныя словы вымаўляюць з адным гукам, а дзе з іншым і пад.

Калі вас цікавіць паходжанне слова, то вам можа дапамагчы «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» (ЭСБМ). Непадрыхтаванаму чытачу можа быць досыць складана разабрацца ў структуры артыкулаў гэтага даведніка. У выпадках, калі вы не зусім разумееце, пра што сведчаць звесткі ЭСБМ, звяртайцеся па дапамогу да нас. На цяперашні момант выйшла 14 тамоў слоўніка, таму пакуль што застаецца нямала слоў, інфармацыю пра якія яшчэ нельга знайсці ў гэтым даведніку. Часам карысна звяртацца да этымалагічных слоўнікаў суседніх моў, бо там сустракаюцца звесткі і пра беларускую мову.

Тым, каго цікавіць гісторыя беларускай мовы, раім звярнуць увагу на «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» (ГСБМ). Гэта 37-томная праца, у якой сабраны словы і выразы старабеларускай мовы са значэннем і ілюстрацыямі. Шмат якія з гэтых моўных адзінак ужываюцца дагэтуль, але ў слоўніку вы знойдзеце і тлумачэнне шматлікіх гістарызмаў і архаізмаў.

Асобна варта згадаць аўтарскія слоўнікі. Карыстаючыся лінгвістычнай літаратурай, трэба памятаць, што ступень суб’ектыўнасці пададзенай у даведніку інфармацыі можа быць нашмат большай, калі ён укладаўся адным аўтарам, які адстойвае свае погляды на беларускую літаратурную мову і яе развіццё. Ва ўласным слоўніку аўтар можа змяшчаць надзвычай рэдкія, малаўжывальныя словы або нават словы, прыдуманыя ім самім. Найбольш вядомымі прыкладамі аўтарскіх слоўнікаў можна лічыць «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» Яна Станкевіча і «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» Вацлава Ластоўскага. Часта складана або немагчыма вызначыць, ці сапраўды ўжываліся ў жывой беларускай мове шмат якія з пададзеных у гэтых выданнях слоў і выразаў, якія ілюстрацыі (запісаныя недзе або штучныя) прыведзены ў артыкулах і г. д. Ёсць і іншыя аўтарскія слоўнікі, зборы слоў, аднак іх аўтарытэтнасць вар’іруецца.