Як правільна пісаць па-беларуску прозвішча Oppenheimer? Бачу ў беларускай Вікі і некаторых іншых крыніцах «Опенгеймер», а ў СМІ — «Апенгеймер», таму не магу зразумець, якая норма выкарыстоўваецца. У кантэксце новай стужкі пра навукоўца пытанне вельмі актуальнае.
Правільным трэба лічыць напісанне Опенгеймер. У такой форме гэтае прозвішча фіксуецца ў Беларускай энцыклапедыі (гл. прымацаваны відарыс). Роберт Опенгеймер — выдатны фізік XX ст., яго прозвішча ўжо замацавалася ў літаратуры менавіта ў такім напісанні і вымаўленні.
Можна адзначыць, што ў англійскім вымаўленні асноўны націск у гэтым слове на першым складзе, другі (пабочны) можа быць на трэцім. Паколькі слова доўгае, складанае і першапачаткова складалася з двух каранёў, па-беларуску таксама дапушчальны дадатковы націск: О́пенгѐймер.