Адносна нядаўна было аб’яўлена аб адкрыцці гіпермаркета «Да дому», цяпер тавары з гэтымі словамі — брэнд краіны. Але ці правільна называць краму, хай сабе і гіпер, «Да дому»? дзе прадаецца шмат чаго ДЛЯ дому? Да дому можа весці дарога, другі вырыянт — ісці дадому. А купіць нешта — для дому, хіба ж не так?
Буду вельмі ўдзячна за адказ з тлумачэннем.
Вы, безумоўна, маеце рацыю ў тым, што беларускае прыслоўе дадому пішацца разам, а тавары прызначаюцца для дому. Варта пры гэтым адзначыць, што права называння ўстановы, гандлёвай маркі (брэнда) заўсёды застаецца за ўладальнікамі. У пэўных выпадках нават наўмысна могуць дапускацца адхіленні ад нормы дзеля гульні слоў, спрашчэння або запамінання спажыўцамі незвычайнага напісання.
Што да прыведзенай Вамі назвы, то граматычна такое напісанне з’яўляецца дапушчальным. Слова дом мае канчатак -у ў родным склоне ў значэннях жыллё; сямʼя; родныя мясціны. Параўн. у Тлумачальным слоўніку беларускай мовы:
дом..
2. ‑у. Чыё‑н. жылое памяшканне разам з гаспадаркай. Бацькоўскі дом. ▪ Хто яна і адкуль, Таня сама не ведала. Падабралі яе малую чужыя людзі на вялікай дарозе і далі прытулак у сваім доме. Новікаў. Змарылася… Цяжка старой Тупаць дзень каля дому. Гілевіч. Не спала маці, крактаў на печы бацька. Увесь клопат па дому лёг на яго. Паўлаў. // Сям’я; людзі, якія жывуць у адным памяшканні. Выйсці на суботнік усім домам. ▪ Пасля такой доўгай разлукі з домам Аленка адчувала сябе шчаслівай. Колас. // перан. Родныя мясціны, родны край. І успомнім былое Народа-героя, Што ў бітвах суровых уславіў свой дом. Колас.
Таму паслядоўнасць са слоў да і дому, як Вы слушна адзначылі, можа мець месца ў беларускамоўных тэкстах. І поўны слоган, які выкарыстоўвае гэта крама (Да дому — да ўтульнасці, да цябе), граматычны сэнс мае. Але для ўдакладнення таго, што ж мелі на ўвазе стваральнікі канкрэтна гэтай назвы, лепш звяртацца да іх саміх.