Вітаю!
Які ў беларускай мове аналаг слову «качалка»? «Сілоўня», «мацоўня» ці так і будзе «качалка»?
Дзякуй!
Добры дзень!
Спачатку ўдакладнім нюансы значэння слова. Качалка ў рускай мове з’яўляецца жаргонным абазначэннем трэнажорнай залы (рус. тренажёрный зал). Іншы размоўны варыянт — тренажёрка. У польскай мове пашыранай стылістычна нейтральнай назвай з’яўляецца siłownia, жаргонныя адпаведнікі — siłka, pakernia.
Аднак не ва ўсіх мовах ёсць пашыраныя стылістычна зніжаныя, жаргонныя словы для гэтага паняцця. Так, напрыклад, у англійскай мове функцыянуе агульнапрынятае слова gym, якое цалкам нейтральнае. Такім чынам, існаванне жаргонных адпаведнікаў не з’яўляецца абавязковым.
Нейтральныя, літаратурныя абазначэнні гэтага паняцця ў беларускай мове — трэнажорная зала, фітнес-цэнтр, фітнес-зала, спартзала ці коратка проста зала (калі з кантэксту ясна, што гутарка менавіта пра спартыўную залу), напрыклад:
► …вы хадзілі ў залу толькі для таго, каб скінуць некалькі кілаграмаў, а атрымаўшы неабходныя вынікі, закінулі гэтую справу.
Найбольш пашыраным жаргонным сінонімам з’яўляецца слова трэнажорка.
Калі ўсё ж неабходна ўжыць дакладны адпаведнік рус. качалка, давайце разгледзім прапанаваныя вамі варыянты.
Варыянт качалка не апраўданы з пункту гледжання лексіка-семантычнай сістэмы беларускай мовы. У нарматыўных слоўніках літаратурнай мовы дзеясловы качаць/качацца не маюць патрэбных значэнняў. Дый само слова качалка асацыюецца ў першую чаргу з прадметам.
Варыянт сілоўня ў беларускай мове кваліфікуецца як паланізм (пол. siłownia). Дзеясловы *сілавацца, *сілаваць у нас не ўжываюцца (як, зрэшты, няма ў літаратурнай мове і прыметніка *сільны). Да таго ж у нас ёсць слова сілкавацца з адным са значэнняў ‘падмацоўвацца ежай’, што можа прыводзіць да няправільнага разумення значэння слова сілоўня. Апрача таго, як адзначалася вышэй, пол. siłownia не мае таго ж адцення размоўнасці, што рус. качалка (пол. siłka, pakernia).
У беларускай мове здаўна існуюць дзеясловы мацаваць, мацавацца. Хоць раней сярод іх значэнняў не было непасрэдна звязаных з павелічэннем фізічнай моцы, але з’яўленне такога значэння можна разглядаць як натуральны працэс развіцця семантыкі гэтых слоў. Параўн. 2-е значэнне дзеяслова мацаваць у Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы:
► 2. Рабіць моцным, узмацняць. Мацаваць абарону краіны. (https://verbum.by/tsblm/macavac).
Таму прыведзены Вамі варыянт мацоўня апраўданы з пункту гледжання лексіка-семантычнай сістэмы сучаснай беларускай мовы.
Трэба дадаць, што апошнім часам з’явіліся і новыя аднакаранёвыя дзеясловы ад мацаваць/мацавацца. Напрыклад, з прыстаўкай на-: Ты яшчэ паспееш намацавацца да лета! Таксама актуалізавалася старое беларускае слова маца́к (‘здаровы, моцны чалавек’), якое ў пэўных кантэкстах можа адпавядаць рус. качок.
У беларускай сістэме словаўтварэння ад дзеясловаў на -аваць (-авацца) са значэннем месца або памяшкання звычайна ўтвараюцца назоўнікі на -авальня (гартавальня, прасавальня, фарбавальня, шліхтавальня). Такім чынам, натуральным утварэннем ад мацаваць/мацавацца будзе мацавальня.
Яно, аднак, пакуль не распаўсюдзілася, затое бачым варыянт мацоўня. Аналагічныя па будове словы ў нашай мове ёсць, параўн.: майстроўня — месца, дзе нешта майструюць; схоўня — месца, дзе нешта захоўваюць, хоць звычайна так утвараюцца назоўнікі ад іншых назоўнікаў, а не ад дзеясловаў (багоўня, вазоўня, жвіроўня, малпоўня, шпакоўня). «Беларуская граматыка» (1985, ч. 1,
с. 246):
Слова мацоўня ўжо ўжываецца ў моўнай практыцы (ілюстрацыі з сацыяльных сетак, найранейшая з прыведзеных — з 2016 года):
► Карыстайцеся дэзадарантам перад мацоўняй і не забывайцеся змяняць трэнеравальнае адзенне.
► Крыху ранішніх сябешак з мацоўні.
► Дарэчы, хацеў заўтра раніцай пачаць хадзіць у мацоўню, але думаю, заўтра нікуды я не пайду. Буду спаць. Сон — гэта здароўе.
Такім чынам, на цяперашні момант можна толькі адзначыць пэўныя тэндэнцыі ва ўжыванні названых слоў, аднак пакуль што гэтыя словы не знайшлі адлюстравання ў нарматыўных слоўніках беларускай мовы.