Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Дасылайце пытанні на адрас: daviedka@belcentre.by

Ці можа быць імя Агнешка варыянтам імя Агнія? Ці можа быць у пасведчанні аб нараджэнні запісана беларускае імя Агнешка і яго рускі пераклад/варыянт Агнія?

Імя Агнешка трэба лічыць старой формай жаночага імя Агнеса (руск. Агнесса). Гл. Усціновіч А. К. Слоўнік асабовых уласных імён. Мн., 2011.

Імя Агнешка таксама з’яўляецца нацыянальным (польскім, літоўскім, балгарскім) варыянтам жаночага імя Агнеса (руск. Агнесса). Гл.: Słownik imion. Warszawa. Wrocław…, 1975; Усціновіч А. К. Слоўнік асабовых уласных імён. Мн., 2011.

Па жаданні асобы варыянт Агнешка можа быць выкарыстаны ў якасці пашпартнага дакументальнага імені. Па-руску беларускае імя Агнешка павінна перадавацца як Агнешка. Рускамоўныя жаночыя імёны Агния (бел. Агнія) і Агнесса (бел. Агнеса; руск. Агнешка, бел. Агнешка) з’яўляюцца рознымі хоць і паходзяць ад аднаго кораня (Агнесса руск. [грэч. hagnē – чыстая, нявінная ці лац. agnus – ягня]; Агния (ад мужчынскага імені Агний) руск. [грэч. hagnos – чысты, нявінны ці лац. agnus – ягня]. Гл.: Справочник личных имен народов РСФСР. М., 1989; Словарь русских личных имен. М., 1995; Усціновіч А. К. Слоўнік асабовых уласных імён. Мн., 2011.


Наша мэта — павышэнне ўзроўню пісьменнасці і агульнае развіццё культуры маўлення ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай, папулярызацыя выданняў Інстытута мовазнаўства, аб’ектыўнае адлюстраванне фактаў пра беларускую мову. Мы даём адказы на пытанні: чытаць далей