Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Дасылайце пытанні на адрас: daviedka@belcentre.by

8. Паходжанне прозвішча Сапега

Падкажыце, калі ласка, ці захаваліся ў вас у архівах згадкі слова сапега (як агульнага назоўніка, назоўніка-апелятыва). Не можам зразумець, ці пайшло прозвішча Сапега ад дзеяслова сапці або ад назоўніка сапега (той, хто сапіць). У даступных нам крыніцах такога назоўніка мы не знайшлі. Можа быць, яно захавалася ў вас. Шчыры дзякуй!

Згодна з працай М. В. Бірылы «Беларуская антрапанімія. 2. Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі» (Мінск, 1969), прозвішча Сапега сапраўды мае апелятыўнае паходжанне (с. 365). Тым не менш у адпаведных выпусках «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (Мінск, 1982–2017) і яго картатэцы, у «Слоўніку мовы “Нашай Нівы”» (Мінск, 2003–2019) і яго картатэцы, у беларускіх дыялектных слоўніках і «Лексічным атласе беларускіх народных гаворак» (Мінск, 1993-1998) апелятыў сапега не зафіксаваны.

Фіксацыя гэтага слова выяўлена ў 36-м і 39-м выпусках «Словаря русских народных говоров» (выдаецца ў Ленінградзе/Санкт-Пецярбургу з 1965 года) з лакалізацыяй у былых Вяцкай і Кастрамской губернях і Уральскім краі на тэрыторыі Расіі:

Сапе́га, м. Бранно. Растяпа, увалень (о человеке). Златоуст. Урал., 1934–1937.

Сопе́га, м. 1. Пренебр. О носе. Ветл. Костром., Архив АН.

2. м. и ж. О том, кто громко п постоянно плачет. Уржум. Вят., 1882.

3. м. и ж. О том, кто громко кричит. Вят., 1907.

Адзначанае вышэй, такім чынам, можа сведчыць пра запазычаны характар прозвішча Сапега ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі.


Наша мэта — павышэнне ўзроўню пісьменнасці і агульнае развіццё культуры маўлення ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай, папулярызацыя выданняў Інстытута мовазнаўства, аб’ектыўнае адлюстраванне фактаў пра беларускую мову. Мы даём адказы на пытанні: чытаць далей