Некаторы час назад у грамадскім транспарце г. Мінска з’явіўся новы аўдыязапіс, у якім голас дыктара папярэджвае пасажыраў аб хуткім сканчэнні пасадкі. Сярод іншага ў ім гучыць фраза на беларускай мове, што гучыць вельмі дзіўна і непрывычна ў параўнанні з ранейшымі запісамі: «асцярожнЫ, дзверы зачыняюццЫ» (з вельмі яўным гучаннем гукаў [Ы] напрыканцы першага і апошняга слоў).
Прашу растлумачыць, наколькі такое вымаўленне адпавядае існуючым нормам беларускай мовы (са спасылкай на правіла, якім рэгулююцца асаблівасці вымаўлення ў такой моўнай сітуацыі).
Правілы вымаўлення галосных і зычных гукаў, а таксама іх спалучэнняў у беларускай мове рэгулююцца арфаэпічнымі нормамі. У адпаведнасці з існуючай нормай галосны гук [а] павінен вымаўляцца выразна як пад націскам, так і ў ненаціскным становішчы. У артыкуле «Арфаэпія» з даведачнага выдання «Беларуская мова: Энцыклапедыя» (Мінск, 1994) на с. 51 адзначана: «Ненаціскныя гукі [э], [о], [а] пасля цвёрдых зычных ва ўсіх складах – пераднаціскных і паслянаціскных – вымаўляюцца як выразны гук [а], толькі карацейшы за націскны». Значыць, у заўважаных Вамі словах «асцяро́жна», «зачыня́юцца» канцавым ненаціскны гукам павінен быць менавіта [а], а не [ы]. Вымаўленне пачатковых форм слоў можна праверыць і ў «Арфаэпічным слоўніку беларускай мовы» (Мінск, 2017). На с. 66 знаходзім транскрыпцыю слова «асцярожна» – [ас’ц’аро́жна], г. зн. з захаваннем якасці канцавога галоснага. Вымаўленне гука [ы] ў дадзеным слове недапушчальна яшчэ і таму, што гэта змяняе часцінамоўную прыналежнасць слова («асцярожна» – прыслоўе, «асцярожны» – прыметнік).
Часам у выніку рэдукцыі (скарачэння) галоснага [а] ў ненаціскным становішчы ён можа на слых успрымацца як іншы па якасці, напрыклад [ы]. Гэта перашкаджае ўспрыманню інфармацыі, якую ўтрымлівае ў сабе любое гукавое паведамленне, у тым ліку і тое, што агучваецца ў грамадскім транспарце. Неабходна захоўваць арфаэпічныя нормы беларускай літаратурнай мовы, не дапускаць змянення якасці і замены гукаў. На гэты аспект важна звяртаць увагу дыктарам і ўсім асобам, якія выкарыстоўваюць вусную форму літаратурнай мовы ў публічным маўленні.