Растлумачце, калі ласка, які варыянт з’яўляецца правільным:
- Аўдыявізуальны (згодна са «Слоўнікам беларускай мовы» і пунктам 1 параграфа 34 главы 7 Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі).
- Аўдыёвізуальны (згодна з «Граматычным слоўнікам прыметніка, займенніка, лічэбніка, прыслоўя», выданні 2009 і 2013 гадоў).
Да ўступлення ў 2010 г. у сілу новых «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» першая частка складаных слоў лацінскага паходжання audiо перадавалася ў беларускай мове як аўдыё. Гл., напрыклад: аўдыёвізуальны (Слоўнік беларускай мовы. – Мінск, 1987).
У «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2008) адзначана, што «пішуцца разам… складаныя словы і вытворныя ад іх з пачатковымі іншамоўнымі часткамі … аўдыя-… : аўдыявізуальны…» (Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Мінск, 2008. С. 7). Акрамя таго, у «Правілах…» зафіксавана слова аўдыякасета (с. 20). Такім чынам, правільным будзе напісанне аўдыявізуальны.
Словы з першай часткай аўдыя- зафіксаваны ў шматлікіх слоўніках сучаснай беларускай мовы, выдадзеных на працягу апошняга дзесяцігоддзя, напрыклад: аўдыяальбом, аўдыявідэасістэма, аўдыявізуальны, аўдыязапіс, аўдыякалекцыя, аўдыякасета, аўдыяпірат, аўдыяплэер, аўдыяпрадукцыя, аўдыятрэк, аўдыятэкст, аўдыятэкставы (Слоўнік беларускай мовы. – Мінск, 2012); аўдыявізуальны (Беларуска-рускі слоўнік. У 3 т. – Мінск, 2012); аўдыя- (першая частка складаных слоў), аўдыяальбом, аўдыявідэасістэма, аўдыявізуальны, аўдыяданыя, аўдыядыск, аўдыязапіс, аўдыякалекцыя, аўдыякарта, аўдыякасета, аўдыякніга, аўдыяпірат, аўдыяплэер, аўдыяпрадукцыя, аўдыятрэк, аўдыятэкст, аўдыятэкставы, аўдыяфайл (Беларуска-рускі тлумачальны слоўнік новых слоў і новых значэнняў слоў. – Мінск, 2013); аўдыяальбом, аўдыявідэасістэма, аўдыязапіс, аўдыякалекцыя, аўдыякасета, аўдыяпірат, аўдыяплэер, аўдыяпрадукцыя, аўдыятрэк, аўдыятэкст (Граматычны слоўнік назоўніка. – Мінск, 2013) і інш.
«Граматычны слоўнік прыметніка, займенніка, лічэбніка, прыслоўя» ўпершыню пабачыў свет у 2009 г., да ўступлення ў сілу новых «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», таму ў ім было зафіксавана слова аўдыёвізуальны. На жаль, пры падрыхтоўцы другога выдання слоўніка была дапушчана недакладнасць і напісанне дадзенага слова не было выпраўлена. Такім чынам, правільным будзе напісанне аўдыявізуальны.