Хацела ўдакладніць пераклад слова «данные» — калі размова ідзе пра лічбы, звесткі (назоўнік), то і перакладацца будзе як «даныя»? Дзякуй!
Рускае слова данные перакладаецца на беларускую мовы як даныя. Такі пераклад прапануе самае новае выданне акадэмічнага «Русско-белорусского словаря» (2012). Ёсць гэта слова і ў апошнім выданні «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы».
Звяртаем увагу, што дзеепрыметнік данный у значэнні прыметніка (напрыклад, у такіх выпадках, як данный документ уже подписан руководством; данные названия не переводятся; на данный момент) рэкамендуецца перакладаць словамі гэты, цяперашні: гэты дакумент ужо падпісаны кіраўніцтвам; гэтыя назвы не перакладаюцца; на цяперашні момант на гэта пытанне няма адказу. У некаторых выпадках, напрыклад у тэрміналогіі, замацавалася выкарыстанне формы дадзены: да́нная величина́ мат. да́дзеная велічыня́.