Куды падае націск у слове бармен? У некаторых слоўніках падаецца варыяцыя, у некаторых прапаноўваецца толькі адзін націск, прычым як на першы, так і на другі склад.
Большасць слоўнікаў падае слова бармен з націскам на першым складзе.
Тым не менш падаецца і варыянт барме́н.
У справе вызначэння нарматыўнага націску ў запазычаннях ёсць два тэарэтычныя падыходы: 1) захаванне націску мовы-донара (з якой прыйшло слова); 2) змена націску пад уплывам мовы-рэцыпіента (у якую прыйшло слова).
Пры першым падыходзе адносна слова бармен трэба ўлічваць, што ў англійскай мове, з якой і прыйшло гэтае слова, яно вымаўляецца з націскам на першым складзе.
Пры другім сваю ролю адыгрывае наяўнасць у беларускай мове іншых запазычанняў на –мен з націскам на апошнім складзе (бізнесме́н, джазме́н, джэнтльме́н, кангрэсме́н, суперме́н і інш.), што стварае сістэмнасць у самой беларускай мове. У выніку гэтая сістэмнасць становіцца натуральным фактарам, які прыводзіць да вымаўлення барме́н.
Трапіўшы ў іншую мову, слова пэўны час можа ўжывацца з розным націскам, пакуль адзін варыянт не стане асноўным. Такім чынам, на цяперашні момант дапушчальнымі лічацца абодва варыянты націску.