Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Дасылайце пытанні на адрас: daviedka@belcentre.by

37. Сабак ці сабакаў

РТБД дае спектакль «Гісторыя двух сабак».
rtbd.by/spectacles/gistoryya-dvuh-sabak/

Калі ласка, патлумачце, ці слушная гэта назва і ці мае месца варыянт «Гісторыя двух сабакаў»?
Дзякуй!

Так, гэта назва правільная.

У сучаснай літаратурнай беларускай мове слова сабака ў родным склоне множнага ліку мае выключна форму сабак.

Такая форма зафіксавана ў нарматыўных слоўніках, напрыклад у Граматычным слоўніку назоўніка (2013) і Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы (2022, гл. відарыс).

Выкарыстанне гэтай формы пацвярджаецца шматлікімі ўжываннямі ў літаратуры.

[Маці:] — У, шыбенік! Чаго да сабак лезеш? (Янка Маўр. «Шлях з цемры»).

З таго берагу рэчкі, з заграніцы чуваць крыкі пеўняў і стрыманыя брэхі сабак (Змітрок Бядуля. «Язэп Крушынскі»).

З усіх Паўлюковых сабак найлепш я памятаю двух (Янка Брыль. «Мой зямляк»).


Наша мэта — павышэнне ўзроўню пісьменнасці і агульнае развіццё культуры маўлення ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай, папулярызацыя выданняў Інстытута мовазнаўства, аб’ектыўнае адлюстраванне фактаў пра беларускую мову. Мы даём адказы на пытанні: чытаць далей