Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Дасылайце пытанні на адрас: daviedka@belcentre.by

32. Лаплас ці Ляплас?

Як на беларускую мову перакласці прозвішча французскага матэматыка Pierre-Simon Laplace?

У літаратуры бачу блытаніну. Беларуская энцыклапедыя прапануе варыянт «Лаплас», «тэарэма Лапласа».

Пры гэтым у Матэматычнай энцыклапедыі «Ляпляс», у Элементах тэорыі імавернасцей Звяровіча і Радынай бачым «тэарэма Муаўра–Ляпляса», у Курсе вышэйшай матэматыкі «інтэгралы Ляпляса».

Вы маеце рацыю, у прыведзеных Вамі выданнях сапраўды бачым напісанне Ляпляс. Трэба ўзяць пад увагу, што ў пачатку 1990-х гадоў шэрагам спецыялістаў прапанавалася ўвесці альтэрнатыўныя напісанні імён і прозвішчаў вядомых матэматыкаў. Такія напісанні, у тым ліку канкрэтна Ляпляс, былі прапанаваны на канферэнцыі «Праблемы беларускай навуковай тэрміналогіі» ў 1994 годзе. Яшчэ ў тым жа годзе яны трапілі ў «Курс вышэйшай матэматыкі» (Мінск, «Вышэйшая школа», 1994). Варта адзначыць, што гэта былі часы актыўнага абмеркавання магчымай рэформы правапісу ў цэлым, хоць усе названыя тут выданні выходзілі актуальным на той момант афіцыйным правапісам.

Потым аўтары прапаноў ужылі такія напісанні ў «Матэматычнай энцыклапедыі» (Мінск, «Тэхналогія», 2001), «Элементах тэорыі імавернасцей» (Мінск, 2013).

Трэба, аднак, сказаць, што ў «Беларускай энцыклапедыі» (том 9, Мінск, 1999) зафіксавана напісанне Лаплас, якое адпавядала «Метадычным указанням для рэдактараў Беларускай Энцыклапедыі» (Мінск, 1996) і напісанню ў раней выдадзеных энцыклапедыях. Яно адпавядае таксама традыцыі сучаснага беларускага правапісу і перадачы замежных імён. Як мы ведаем, у групах спецыялістаў пэўнай сферы часам назіраецца ўжыванне спецыфічных тэрмінаў або адметная пастаноўка націску (прафесійны жаргон), што адрознівае мову такой супольнасці ад мовы астатняй часткі грамадства. Але неабходна ўлічваць, што такія напісанні і вымаўленні часта не з’яўляюцца нарматыўнымі. Напісанне імён павінна адпавядаць агульным нормам і агульнай (не вузкаспецыяльнай) практыцы, якая склалася. Напісанне пэўнай групы слоў, у тым ліку імён і прозвішчаў, у пэўным асобным кантэксце не можа выбівацца з агульных заканамернасцей правапісу.

Такім чынам, трэба арыентавацца на напісанне ў «Беларускай энцыклапедыі» і іншых агульнамоўных даведачных крыніцах. Адпаведна: Лаплас, а таксама Лагранж, Лейбніц.

************

«Першая нацыянальная канферэнцыя “Праблемы беларускай навуковай тэрміналогіі”» (Мінск, 1995), с. 261:

«Беларуская энцыклапедыя», т. 9, с. 133:



«Метадычныя ўказанні…», с. 168:


Наша мэта — павышэнне ўзроўню пісьменнасці і агульнае развіццё культуры маўлення ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай, папулярызацыя выданняў Інстытута мовазнаўства, аб’ектыўнае адлюстраванне фактаў пра беларускую мову. Мы даём адказы на пытанні: чытаць далей