У сучасных акадэмічных слоўніках падаюцца два словы: і поезд, і цягнік. Ці можна растлумачыць, у чым асаблівасць ужывання гэтых слоў?
Словы поезд і цягнік у сучаснай беларускай мове з’яўляюцца сінонімамі.
У тлумачальных лексікаграфічных даведніках зафіксавана наступнае значэнне названых лексем.
ПОЕЗД, -а. 1. Счэпленыя паміж сабой чыгуначныя вагоны, якія цягне па рэйках паравоз. Прыгарадны поезд. Скоры поезд. Таварны поезд. Поезд хаваўся то пад кронай свежай яркай зелені, то імчаўся паміж вясёлых пералескаў (Васілевіч). 2. Шэраг павозак, накіраваных адна за адной у якім-н. напрамку.
ЦЯГНІК, -а. Тое, што і п о е з д. Уся станцыя была забіта вагонамі і цягнікамі. Колас. Адзін за адным ішлі таварныя цягнікі. Лынькоў.
(Гл. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т., 6-ці кн. / Пад агул. рэд. К. К. Атраховіча. – Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1978–1984; Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. – 3-е выд. – Мн.: БелЭн, 2002).
У рэестры арфаграфічных слоўнікаў фіксуюцца абодва словы: гл. Слоўнік беларускай мовы / Нац акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад. Н. П. Еўсіевіч [і інш.] ; навук. рэд. А. А. Лукашанец, В. П. Русак. – Мінск : Беларус. навука, 2012. 916 с.; Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне / Пад рэд. М. В. Бірылы. – Мн.: БелСЭ, 1987. – 903 с. (у гэтым даведніку адзначана, што слова поезд ужываецца часцей);Беларускі арфаграфічны слоўнік. – 2-е выд. – Мінск: Беларус. навука, 2010.
Матэрыял перакладнога руска-беларускага слоўніка сведчыць, што з рускай мовы на беларускую поезд можа перакладацца як поезд,так і цягнік. (Гл. Русско-белорусский словарь: В 3 т.: Около 110 000 слов. / НАН Беларуси, Ин-т языкознания им. Я. Коласа. – 8-е изд. – Мн.: БелЭн, 2002.). Такія ж варыянты перакладу прапанаваны і ў адваротным выданні: Беларуска-рускі слоўнік: У 3 т.: Больш 111 000 слоў / НАН Беларусі, Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа. – 3-е выд. ; пад рэд. акадэміка НАН Беларусі А. I. Падлужнага. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003).
Зварот да этымалогіі згаданых лексемных адзінак сведчыць пра тое, што слова поезд паходзіць ад праславянскага jězditi і ў тым ці іншым выглядзе каранёвая марфема гэтага дзеяслова прысутнічае ва ўсіх славянскіх мовах. У этымалагічным слоўніку беларускай мовы лексема поезд прадстаўлена наступным чынам: Поезд ‘цягнік’, ‘шэраг павозак’ (ТСБМ), ‘цягнік’ (вільн., Сл. ПЗБ), поязд ‘цягнік’ (кам., Жыв. НС), ст.-бел. поезд ‘паездка, ад’езд’ (Сл. Скар.). Укр. поїзд ‘цягнік’, ‘шэраг павозак’, рус. поезд ‘тс’, польск. pojazd ‘транспартны сродак’ (Гл. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 9. П / уклад. І. І. Лучыц-Федарэц [і інш.]; рэд. Г. А. Цыхун. – Мн.: Бел. навука, 2004. – 367 с.). Прыведзены матэрыял сведчыць пра тое, што лексема поезд даўно з’яўляецца фактам беларускай мовы, шырока ўжываецца носьбітамі беларускай мовы.
Слова цягнік з’явілася ў беларускай мове ў пачатку XX ст. са значэннем ‘паравоз’: цягнік – паровоз (Гл. Байкоў М. Я., Некрашэвіч С. М. Беларуска-расійскі слоўнік. – Менск : Дзярж выд-ва Беларусі, 1925), што сведчыць аб празрыстасці этымалогіі – ‘тое, што цягне’. Таму яго значэнне ў першую чаргу суадносіцца з назвай лакаматыў.
Як сведчыць азначэнне слова цягнік у Тлумачальным слоўніку беларускай мовы (гл. вышэй), яно тлумачыцца шляхам адсылкі да слова поезд, г. зн. з’яўляецца другасным (па ўжыванні) у параўнанні з поезд. Акрамя таго, ілюстрацыя значэння слова цягнік з твораў Я. Коласа паказвае, што яно ўжыта менавіта ў значэнні лакаматыў (тое, што цягне за сабой счэпленыя вагоны). 3 гэтага можна зрабіць вывад, што якраз счэпленыя паміж сабой вагоны, якія цягне цягнік, і ўтвараюць поезд. Таму семантыка слова поезд у строгім тэрміналагічным значэнні цалкам адпавядае таму аб’екту, які яно называе. У першую чаргу гэта датычыцца пасажырскіх паяздоў і электрапаяздоў у метрапалітэне, якія складаюцца фактычна толькі з вагонаў для пасажыраў.
У сучаснай моўнай практыцы ўжыванне слова цягнік у значэнні ‘састаў счэпленых чыгуначных вагонаў, якія прыводзяцца ў рух лакаматывам’ істотна пашыраецца, а слова поезд у гэтым значэнні паступова перамяшчаецца на перыферыю лексічнай сістэмы сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Гэтую тэндэнцыю адлюстроўваюць і сучасныя слоўнікі беларускай мовы. Параўн.:
ПОЕЗД. 1. Тое, што і цягнік. 2. Шэраг павозак, якія едуць адна за адной (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016. – С. 604).
ЦЯГНІК. Састаў счэпленых чыгуначных вагонаў, якія прыводзяцца ў рух лакаматывам (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016. – С. 915).
З прыведзеных азначэнняў вынікае што словы поезд (у 1-м зн.) і цягнік з’яўляюцца поўнымі сінонімамі.
Такім чынам, існуючая моўная практыка сведчыць, што ўжыванне слова поезд для называння пасажырскіх і грузавых саставаў не супярэчыць нормам сучаснай беларускай літаратурнай мовы і з’яўляецца цалкам прымальным.