Патлумачце, калі ласка, пунктуацыю ў гэтым сказе:
«Так што вясёлка — добры знак».
Ці патрэбна коска пасля «так што»? Як мне здаецца, патрэбна. Бо тут «так што» — уводная частка сказа, яе неабходна аддзяліць. Буду ўдзячна за ваш каментар!
Коска ў названай вамі пазіцыі не патрэбна.
У прыведзеным вамі сказе так што — злучнік. Пасля гэтага злучніка коска не ставіцца. Яна можа ставіцца перад гэтым злучнікам у складаназалежных сказах з даданай выніковай часткай:
► Мы прыедзем даволі рана, так што яшчэ застанецца час на тое, каб пазнаёміцца з горадам.
Каб праверыць, ці патрэбна коска перад так што, можна паспрабаваць замяніць яго на таму. Калі такая замена магчымая, перад так што ставіцца коска:
► Мы прыедзем даволі рана, таму (так што) яшчэ застанецца час на тое, каб пазнаёміцца з горадам.
Ужыванне злучніка так што не трэба блытаць з ужываннем прыслоўя так і злучніка што. У такіх выпадках коска ставіцца перад што:
► Ён ляпнуў дзвярыма так, што чуваць было ва ўсім будынку.
Калі ж злучнік так што стаіць на пачатку сказа і з’яўляецца сінонімам таму (як у вашым выпадку), коска пасля яго не ставіцца.