Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Дасылайце пытанні на адрас: daviedka@belcentre.by

22. Таргаваць — таргавацца. Гандляваць — ?

У беларушчыне была і ёсць пара таргаваць — таргавацца і ёсць самотнае гандляваць.

Усё часцей чую гандлявацца.

Што яно значыць і адкуль узялося?

Так, слушна, у нашай мове ёсць дзеясловы таргаваць і таргавацца. Вось што пра іх сказана ў Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы:

таргава́ць … незак.

  1. Збіраючыся купіць што-н., прыцэньвацца, дамаўляцца аб цане.
    • Т. бульбу.
  2. Тое, што і гандляваць (размоўнае).
  3. перан., кім-чым. Рабіць прадметам гандлю (пра людзей, іх пачуцці і пад).
    • Т. сумленнем.

таргава́цца … незак.

  1. з кім. Дагаворвацца аб цане, дабіваючыся ўступак пры заключэнні гандлёвых або іншых здзелак.
  2. перан. Спрачацца, не згаджаючыся з чым-н., імкнучыся дабіцца чаго-н., атрымаць што-н.
    • Т., каму прынесці вады.

Таксама ёсць дзеяслоў гандляваць:

гандлява́ць … незак.

  1. кім-чым, з кім-чым і без дап. Весці гандаль.
    • Г. таварамі шырокага ўжытку.
    • Г. з замежнымі краінамі.
  2. перан., кім-чым. Рабіць што-н. прадметам гандлю дзеля матэрыяльнай выгады.
    • Г. сваім сумленнем.
  3. Займацца гандлем як прафесіяй.
    • У магазіне гандлюе.
    • Вучыцца г.
  4. Пра гандлёвае прадпрыемства: прадаваць, адпускаць тавар.
    • Магазін гандлюе да 22 гадзін.
  5. Перапрадаваць з мэтай нажывы; перакупляць.

Дзеяслоў гандляваць не мае катэгорыі зваротнасці. Гэта цалкам нармальна, далёка не ўсе дзеясловы яе маюць. Слова *гандлявацца ўжываюць цяпер, відавочна, намагаючыся ўнікаць слоў таргаваць і таргавацца, утвараючы кальку да рускага торговаться. Адзначым, што прычын пазбягаць слоў з коранем торг-(тарг-) няма. Гэты корань і такія словы — спрадвечныя ў беларускай мове. Яны ўжываліся ў нас яшчэ ў старабеларускі перыяд. Падрабязней пра іх чытайце ў Гістарычным слоўніку беларускай мовы:

торгъ
торговати
торговатися і іншыя.

Шырока ўжываліся гэтыя словы і ў пазнейшыя стагоддзі ў сучаснай народнай беларускай мове. А вось варыянта *гандлявацца не было ніколі.


Наша мэта — павышэнне ўзроўню пісьменнасці і агульнае развіццё культуры маўлення ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай, папулярызацыя выданняў Інстытута мовазнаўства, аб’ектыўнае адлюстраванне фактаў пра беларускую мову. Мы даём адказы на пытанні: чытаць далей