Добры дзень,
Скажыце, калі ласка, ці можна ўжываць у беларускай мове слова «палячка». Яго этымалогія.
Дзякуй.
Добры дзень!
Так, гэта слова існуе ў сучаснай беларускай мове. Яго можна знайсці ў Тлумачальным слоўніку беларускай мовы, у апошнім выданні Беларуска-рускага слоўніка і інш.
Назоўнік палячка ўтвораны ад слова паляк з дапамогай суфікса -к-а. Пры далучэнні гэтага суфікса да кораня асновы, які заканчваецца гукам к, адбываецца чаргаванне заднеязычнага з шыпячым к/ч (як у пары адзінокі — адзіночка).
Слова палячка ў беларускай мове ўтворана па словаўтваральнай мадэлі, па якой утвараюцца назоўнікі, што называюць чалавека па яго прыналежнасці да пэўнай этнічнай або нацыянальнай групы: паляшук — паляшучка, славак — славачка, таджык — таджычка. Аналагічным чынам утварыліся і формы чэх — чэшка, лях – ляшка з чаргаваннем х/ш. Як бачым, падобных прыкладаў шмат, у тым ліку з назвамі прадстаўніц славянскіх этнічных груп, таму ўтварэнне слова палячка ад паляк цалкам натуральнае для нашай мовы.
Слова палячка ўжываецца паралельна са словам полька, якое ўтвараецца непасрэдна ад кораня поль- (як і словы польскі, Польшча) і супадае з польскім словам Polka з тым жа значэннем. Нашы класікі ўжывалі абодва варыянты:
► [Пані Мар’я:] — Я разумею цябе — ты любіш толькі бедных. І я, Данік, не з багатай сямʼі. Вы тут усе не любіце паноў. А я — таксама палячка. І гэта, хлопчык, не адно і тое ж. І ў нас, у Польшчы, усякія людзі ёсць (Янка Брыль. «Сірочы хлеб»).
► Казалі, што ён [тутэйшы шляхціц] крута перамяніўся пасля смерці першае жонкі, Ядзінае маці. Цяпер ён быў жанаты з прыезджаю полькаю, што была раней гувернанткаю ў сям’і аднаго абшарніка, пана П. (Максім Гарэцкі. «Рунь»).
У польскай мове існуе пара слоў Polaczek — Polaczka, яны маюць негатыўнае адценне. Аднак у беларускай мове варыянты палячка і полька раўназначныя, нейтральныя. Абодва яны даюцца і ў Тлумачальным слоўніку беларускай мовы, і ў Польска-беларускім слоўніку.