Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Дасылайце пытанні на адрас: daviedka@belcentre.by

19. Зычыць і жадаць

Вітаю!

Падкажыце, калі ласка, якая розніца паміж словамі «зычыць» і «жадаць», калі адрасуецца нейкае пажаданне?

Напрыклад, як будзе правільна: «я зычу вам дабра/здароўя/моцы/удачы і г. д.» ці «я жадаю вам здароўя/удачы/моцы/поспеху»?

Дзякую!

Добры дзень!

Калі мы хочам выказаць пажаданне каму-небудзь (напрыклад, з днём нараджэння), дапускаецца ўжыванне абодвух гэтых слоў. У гэтым выпадку рэалізуецца 2-е значэнне дзеяслова жадаць. У сваю чаргу, з ім супадае 1-е значэнне дзеяслова зычыць.

Такім чынам, можна сказаць і я жадаю табе ўсяго найлепшага, і я зычу табе ўсяго найлепшага.

► І госці свой банкет канчаюць, // Адны другім дабра жадаюць, // А ў час апошні развітання // Стаялі цмокі цалавання (Якуб Колас. «Новая зямля»).

► [Паўлюк:] За вашае, яснай светласці, здароўе! Зычым вам быць здаровымі і 
вясёлымі, новых ураджаяў каб дачакаць, сваіх людзей не забываць і вясёлыя 
заўсёды дажынкі спраўляць!.. (Язэп Дыла. «Панскі гайдук»).


Наша мэта — павышэнне ўзроўню пісьменнасці і агульнае развіццё культуры маўлення ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай, папулярызацыя выданняў Інстытута мовазнаўства, аб’ектыўнае адлюстраванне фактаў пра беларускую мову. Мы даём адказы на пытанні: чытаць далей