Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Дасылайце пытанні на адрас: daviedka@belcentre.by

18. Літара «ў» у поўнай назве МДЛУ

Вельмі добра, што такая даведка будзе існаваць, бо звярнуцца з пытаннем няма куды. 

Над уваходам у будынак МДЛУ вісіць яго назва — Мінскі дзяржаўны лінгвістычны Ўніверсітэт [арфаграфія аўтара; першая літара ў слове ўніверсітэт пішацца з малой. — Заўв. службы]. Ці апраўдана тут нескладовае Ў? Тытульная назва вымаўляецца паслоўна выразна і асобна, не так?


Напісанне літары ў у прыведзенай Вамі назве апраўдана і адпавядае правілам. Пры вырашэнні арфаграфічнага пытання ў гэтым выпадку асноўную ролю адыгрывае тое, што перад ў напісана літара, якая абазначае галосны гук (ы). Тэмп і рытм вымаўлення можа ўплываць на напісанне літар у або ў толькі ў паэтычных творах, ва ўсіх іншых тэкстах правілы арфаграфіі дзейнічаюць паслядоўна, бо інакш быў бы вялікі разнабой пры напісанні. Таму, паводле апошняй рэдакцыі Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, літара ў пішацца ў такой пазіцыі ў тым ліку ў слове ўніверсітэт:

§ 15. Нескладовае ў і у складовае

1. Нескладовае ў пішацца згодна з беларускім літаратурным вымаўленнем пасля галосных:

пры чаргаванні [у] з [ў]:

у пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзень (ад усіх), моцны ўдар (ад удару), хацела ўзяць (хацеў узяць), сонца ўзімку (месяц узімку), крыкі «ўра» (крык «ура»), для ўніята (з уніятам), ва ўніверсітэце (перад універсітэтам), на ўзвей-вецер (сцяг узвіўся), ледзьве ўчуў (раптам учуў).

Дададзім, што на пачатку ўласных назоўнікаў пішацца вялікая У, а не Ў: ва Узбекістан (для ўзбекаў), на Уральскіх гарах (на ўральскіх дарогах), за Уладзіміра, каля Уладзіслава, да Усяслава. Пры гэтым, аднак, паводле § 28 Правіл, у шматслоўных найменнях арганізацый, у тым ліку навучальных устаноў, з вялікай літары пішацца толькі першае слова, а астатнія — з малой (сярод прыкладаў прыводзіцца: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт). Такім чынам, пішам: Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Надпіс на будынку МДЛУ, пра які Вы кажаце, набраны поўнасцю вялікімі літарамі, але такі спосаб набору не ўплывае на напісанне літары Ў.


Наша мэта — павышэнне ўзроўню пісьменнасці і агульнае развіццё культуры маўлення ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай, папулярызацыя выданняў Інстытута мовазнаўства, аб’ектыўнае адлюстраванне фактаў пра беларускую мову. Мы даём адказы на пытанні: чытаць далей