Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Дасылайце пытанні на адрас: daviedka@belcentre.by

17. Значэнне слова «лёзны»

Што значыць прыметнік ЛЁЗНЫЯ (лёзныя людзі)?

Вітаем!

У сучаснай беларускай літаратурнай мове гэта слова не зафіксавана. Яго не падаюць аўтары тлумачальных слоўнікаў (Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы (2022, у двух тамах), Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы (1977–1984, у 5 тамах, 6 кнігах)).

Аднак у народных гаворках такое слова фіксуецца. У залежнасці ад мясцовасці яно мае розныя значэнні і рознае паходжанне.

На паўночным захадзе (Глыбоччына, Пастаўшчына і інш.) лёзны мае значэнне ‘ласкавы, ветлівы’ (гл. першы відарыс са Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча), а таксама ‘таварыскі’. Мяркуецца, што тут слова лёзны можа быць генетычна роднаснае з літ. liúožti ’паважаць’.

У іншых жа рэгіёнах лёзным называюць нічым не занятага чалавека, які мае шмат вольнага часу (гл. другі відарыс з Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны). У гэтым выпадку гутарка пра вельмі даўняе запазычанне, яшчэ са старапольскай мовы ў старабеларускую (ст.-польск. luźny, lóźny, loźny, ст.-бел. люзный, лезный, лиозный ’вольны, селянін, які не меў пастаяннага месца пражывання’).


Наша мэта — павышэнне ўзроўню пісьменнасці і агульнае развіццё культуры маўлення ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай, папулярызацыя выданняў Інстытута мовазнаўства, аб’ектыўнае адлюстраванне фактаў пра беларускую мову. Мы даём адказы на пытанні: чытаць далей