Добры дзень!
Падкажыце, калі ласка, у якім кантэксце трэба выкарыстоўваць слова «бескаштоўны»? Бо я часта сустракаю ўжыванне гэтага слова як сінонім «бясплатны», «задарма». Было б цікава даведацца, адкуль прыйшло слова «бескаштоўны».
Вітаем!
Слова *бескаштоўны ў нарматыўных слоўніках сучаснай беларускай літаратурнай мовы не фіксуецца. Няма яго і ў Гістарычным слоўніку беларускай мовы. Гэты прыметнік сустракаецца ў беларускай моўнай практыцы, але на цяперашні момант яшчэ не стаў літаратурнай нормай. Гэта ўкраінізм, ва ўкраінскай мове адпаведны прыметнік безкоштовний фіксуецца слоўнікамі ўжо працяглы час.
Прыметнік бясплатны мае значэнне ‘без аплаты’, ‘які не патрабуе аплаты’. Гэтае слова фіксуецца як у старых дарэформенных слоўніках (якія выдаваліся да рэформы 1933 года, напрыклад у 1928-м), так і ў пазнейшых, у тым ліку сучасных, выданнях. Сінонімамі яго з’яўляюцца словы дармавы́ (дармовы) і дарэмны. Гэтыя прыметнікі можна ўжываць у адпаведных сітуацыях (як стылістычныя сінонімы) поруч з асноўным нейтральным словам бясплатны.
Варыянты бясплатны і дарэмны ўжываліся ў названым значэнні яшчэ ў старабеларускую пару (безплатный, даремный).
«Бясплатны» ў руска-беларускім слоўніку.
«Бясплатны» ў тлумачальным слоўніку.
«Дармавы» («дармовы») у тлумачальным слоўніку.
«Дарэмны» ў тлумачальным слоўніку.