Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Дасылайце пытанні на адрас: daviedka@belcentre.by

У якіх выпадках ужываць слова квіткі, а ў якіх — білеты?

Слова «білет» мае значэнне ‘дакумент, які дае права праезду, уваходу, карыстання чым‑небудзь, атрымання чаго‑небудзь (часцей за плату)‘. (Усе значэнні глядзіце на ілюстрацыі з «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы», 2016, с. 112.)

Слова ж «квіток» азначае ‘квітанцыя, талон‘, ці, іншымі словамі, кавалак паперы, дробны дакумент, які сведчыць пра права на нейкі тавар ці пра аплачаную паслугу. Слова «квіток» мае размоўнае адценне.

Як бачым, значэнні і афарбоўка крыху розныя. Дробны білецік, скажам, на паездку аўтобусам можна назваць і «квітком», як і, напрыклад, «талончыкам». Білет жа на паездку дальнім цягніком ці самалётам або білет у оперу ці ў тэатр наўрад ці выпадае называць «квітком».

Цяпер нярэдка намагаюцца поўнасцю выціснуць слова «білет», замяняючы «механічна» на «квіток». Гэта звязана з імкненнем замяняць усе словы, якія супадаюць ці падобны на рускія.

Такое ўжыванне можа прывесці да страты лексічнага багацця, страты слова «квіток» у ягоным першасным значэнні і афарбоўцы.

Таксама не варта забываць, што слова «білет» не спецыфічна рускае, яно міжнароднае, апрача беларускай мовы яго адпаведнікі ёсць таксама ў польскай (bilet), італьянскай (biglietto), шведскай (biljett) і іншых.

У нас яго шырока ўжывалі шматлікія класікі (Якуб Колас, Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Міхась Лынькоў, Янка Маўр, Максім Гарэцкі і многія іншыя).

Гэта натуральнае беларускае слова.


Наша мэта — павышэнне ўзроўню пісьменнасці і агульнае развіццё культуры маўлення ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай, папулярызацыя выданняў Інстытута мовазнаўства, аб’ектыўнае адлюстраванне фактаў пра беларускую мову. Мы даём адказы на пытанні: чытаць далей