Добры дзень! Як перадаць на беларускую мову французскія прозвішчы Depardieu і Mathieu? Як Дэпардзьё і Мацьё? Ці як Дэпард’ё і Мат’ё? Ці будзе лічыцца памылкай выкарыстанне іншага варыянту перадачы такога прозвішча?
На цяперашні момант няма афіцыйнага нарматыўнага дакумента, які б рэгламентаваў перадачу ўласных асабовых імён з французскай мовы на беларускую. Аднак у ходзе працы над беларускімі энцыклапедыямі склалася пэўная традыцыя, якой трэба прытрымлівацца і якая заключаецца ў наступным.
Французскія прозвішчы Depardieu і Mathieu перадаюцца па-беларуску як Дэпардзьё, Мацьё. Артыкулы пра людзей з такімі прозвішчамі (Жэрар Дэпардзьё і Мірэй Мацьё) ёсць у «Беларускай энцыклапедыі».
Дэпардзьё («Беларуская энцыклапедыя», т. 6, с. 354):
Мацьё («Беларуская энцыклапедыя», т. 10, с. 231):
Звернем увагу на тое, што ў беларускай мове напісанне літары ё (а не е на яе месцы) з’яўляецца абавязковым. У дадзеным выпадку гэта асабліва важна, бо дазваляе не зблытаць прозвішча Мацьё (фр. Mathieu) з іншым прозвішчам — Мацье́ (фр. Mathiez).
Увогуле, на -е афармляюцца па-беларуску французскія прозвішчы, як і агульныя назоўнікі, якія ў арыгінале канчаюцца на -ier, -iez: Тэнардзье́ («Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», глава 3, § 19, п. 1) — фр. Thénardier [tenaʁdje], Карбюзье́ — фр. Corbusier [lə kɔʁbyzje], Лавуазье́ — Lavoisier [ɑ̃twan lɔʁɑ̃ də lavwazje], Мацье́ — Mathiez [albɛʁ ɡzavje emil matje], Даладзье́ — Daladier [edwaʁ daladje]. Таксама агульныя назоўнікі: chansonnier [ʃɑ̃.sɔ.nje] – шансанье; бюсцье, парцье, ранцье.
У сваю чаргу, на -ё афармляюцца прозвішчы, якія ў французскай мове канчаюцца на -ieu: Жэрар Дэпардзьё [ʒeʁaʁ dəpaʁdjø] — Gérard Depardieu, Мірэй Мацьё [miʁɛj matjø] — Mireille Mathieu, а таксама прозвішча некалькіх дзеячаў Рышэльё – Richelieu [ʁiʃ(ə)ljø] (увага: у рускай мове ўжываецца як варыянт Ришельё, так і традыцыйна Ришелье́).
Калі гаварыць больш агульна пра практычную транскрыпцыю падобных спалучэнняў, дзе ў арыгінале гукі д, т + гук j + галосны, то правілы беларускага правапісу дапускаюць у розных пазіцыях і мяккія варыянты (Тэнардзье, Дзьюі), і цвёрдыя (Д’еп), пры гэтым у канцы слоў ужываюцца звычайна якраз мяккія спалучэнні (Даладзье́, Мацье́, Тэнардзье́; бюсцье́, парцье́, ранцье́), а таму аддаваць перавагу трэба і напісанням Дэпардзьё, Мацьё.