Дабрыдзень!
Падкажыце, калі ласка, улічваючы размежаванне словаў «гуляць» і «іграць», як правільна па-беларуску сказаць «выигрыш», «проигрыш», «розыгрыш» (якія маюць корань -игр-) і «ничья».
У расійскай мове «Две команды играли в футбол и одна команда выиграла». Играть > выиграть.
У наскай мове «Дзве каманды гулялі ў футбол і адна каманда (?)». Гуляць > (?).Цікавіць менавіта сістэмны (лагічны) падыход да гэтага пытання (як правільна ўтвараецца слова). Калі раптам утвараецца слова з іншым коранем, калі ласка, патлумачце, чаму так адбываецца.
Магчыма, вы маеце на ўвазе паслядоўнасць словаўтварэння і словаўжывання. Аднак ніводная з моў не мае такой поўнай паслядоўнасці. У прыведзеных вамі прыкладах паралель з рускай мовай стварае ілюзію таго, што такая самая паслядоўнасць павінна быць і ў беларускай мове. Аднак гэта не так.
Можна прывесці прыклады ўяўнай нелагічнасці і ў рускай мове.
Па-беларуску: У дзевяностых гадах Андрэй жыў у Мінску. Колькі яму цяпер гадоў?
Па-руску: В девяностых годах Андрей жил в Минске. Сколько ему сейчас (?)?
У рускай мове, як вядома, тут ужываецца форма лет.
Па-беларуску: «Я сёння так шмат зрабіў!» — «Табе б яшчэ зрабіць уражанне на прыёмную камісію».
Па-руску: «Я сегодня так много сделал!» — «Тебе бы еще (?) впечатление на приемную комиссию».
У рускай мове ў гэтым выпадку ўжываюцца розныя дзеясловы (са словам впечатление выкарыстоўваецца произвести).
Такія самыя прыклады «нелагічнасці» можна прывесці і ў марфалогіі. Вось адзін з самых вядомых.
Па-беларуску: Кожны хацеў перамагчы. «Я перамагу!» — сказаў Ян.
Па-руску: Каждый хотел победить. «Я (?)!» — сказал Ян.
Тут у літаратурнай рускай мове нельга ўжыць форму першай асобы адзіночнага ліку ад дзеяслова победить. Па-руску былі б выкарыстаны іншыя сродкі: выиграю, буду первым, одержу победу і г. д.
Развіццё англійскай мовы ўвогуле прыйшло да таго, што ў суадносных выпадках выкарыстоўваюцца словы трох розных каранёў: to play — ‘гуляць’; to win — ‘выйграць, выйграваць’; to lose — ‘прайграць, прайграваць’. To play мае іншыя вытворныя, але не са значэннямі ‘выйграць’, ‘прайграць’.
Такім чынам, у мовах, нават блізкароднасных, няма строгай паслядоўнасці ў выкарыстанні адпаведных слоў і формаў. Кожная мова выпрацоўвае сродкі для выражэння зместу сваім спосабам, у сваіх унікальных гістарычных умовах. Таму, калі ў рускай мове замацаваўся і дзеяслоў незакончанага трывання (играть), і яго аднакаранёвы адпаведнік закончанага трывання (выиграть), гэта не значыць, што такая самая пара (толькі з іншым коранем) павінна замацавацца і ў беларускай мове.
Як бачым, у кожнай мове ёсць як сістэмныя, так і асістэмныя з’явы. Пра сістэмнасць і асістэмнасць (ідыяматычнасць) у мове можна прачытаць, напрыклад, у кнізе прафесара БДУ Н. Б. Мячкоўскай «Философия языка и коммуникации» (2016; с. 111–112).
Калі больш дэталёва гаварыць пра карані -ігр- і -гуль-, то словы накшталт выйграць засталіся нам з тых перыядаў развіцця літаратурнай мовы, калі яшчэ не існавала строгага падзелу паміж словамі з гэтымі каранямі. Напрыклад, Янка Купала і Якуб Колас ужывалі дзеяслоў іграць у дачыненні да гульні ў карты. Такім чынам, гэты строгі падзел пачаў выкрышталізоўвацца толькі апошнім часам.
Правільныя пераклады слоў, пра якія вы пытаецеся: выйгрыш, пройгрыш, розыгрыш, нічыя. Цікава адзначыць, што слоўнікі 1920-х гадоў фіксавалі слова розыйгра ‘розыгрыш’. Як бачым, таксама з коранем -ігр-.